СЛО́НІМСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Адкрыты ў 1929 у г. Слонім Гродзенскай вобл. па ініцыятыве краязнаўца І.​І.​Стаброўскага, які ў 1939 падараваў музею свае калекцыі. Ў Вял. Айч. вайну музей часткова разрабаваны. З 1945 наз. Баранавіцкі краязн. музей, з 1952 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 400 м², 5 залаў, больш за 20,5 тыс. адзінак асн. фонду (2002). Сярод экспанатаў стараж. крамянёвыя прылады працы, каменны язычніцкі ідал 10 ст., ганчарны посуд, шкляныя і бронзавыя ўпрыгожанні, фрагменты тканіны, абутак 13 ст. з археал. помнікаў Слонімшчыны, скарбы манет 16—18 ст., фрагменты драўлянага водаправода 18 ст., калекцыя старадрукаў і рэдкіх кніг 16 — пач. 20 ст., пахавальны партрэт А.​М.​Пацея (гл. ў арт. Пацеі), сярэбраны футарал, у якім было пахавана яго сэрца, матэрыялы і дакументы пра падзеі часоў паўстанняў 1794, 1863—64, 1-й сусв. і Вял. Айч. войнаў, калекцыі прадметаў нар. побыту, адзення і твораў мастацтва 19 — пач. 20 ст., рэшткі жывёл ледавіковага перыяду, дыярамы змен расліннага і жывёльнага светаў. Музей наладжвае выстаўкі нар. ткацтва, вышыўкі, ганчарства, твораў мясц. мастакоў, прадметаў побыту і інш.

І.​Р.​Шпыркова.

т. 15, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)